На мерапрыемстве адкрыцця бібліятэкарамі раённай бібліятэкі былі старанна прааналізаваны чытацкія фармуляры – вынікі чытацкай дзейнасці, і выяўлены самыя актыўныя чытачы.
Яны розныя па ўзросце, роду дзейнасці, захапленнях і інтарэсах. Але ёсць тое, што іх аб’ядноўвае – гэта любоў да кнігі і чытання, адданасць бібліятэцы. Выбраць лепшага чытача з усіх – справа вельмі цяжкая, але бібліятэкары справіліся з гэтай задачай.
У намінацыі «Літаратурны гурман» пераможцам стала Юшкевіч Марыя. Чытачом бібліятэкі Марыя стала з 5 гадоў. Разам з мамай падоўгу выбірала кнігі. Перачытала шмат казак, апавяданняў, прыгодніцкіх гісторый самых вядомых аўтараў. Зараз Марыя з задавальненнем чытае кнігі з серыі Холлі Вэбб.
Найбольшую колькасць кніг за лета прачытаў Балтрукевіч Аляксандр. Ён перамог ў самай галоўнай намінацыі «Суперчытач лета».
А пераможцам намінацыі “Чытацкі растамер” стала Будніцкая Соф’я, навучэнка шостага класа. Стопка прачытаных ёю кніг роўна 65 сантыметраў.
І апошняя намінацыя “Самы юны чытач”. Пераможцам стаў Дзенісевіч Ягор. Хлопчык любіць кнігі з самага ранняга дзяцінства, яшчэ не ўмеючы хадзіць і гаварыць, ён бываў у бібліятэцы з мамай. Паказваў пальчыкам на кнігу, просячы палістаць і пачытаць. Яму вельмі падабаецца разглядаць і выбіраць кнігі ў бібліятэцы. А дома з задавальненнем слухае казкі, якія яму пакуль што чытае мама.
А чытачам-першакласнікам ДУА “Гімназія №1” г.Масты ўрачыста ўручылі першыя чытацкія білеты! Віншуем!