Параненая памяць

Сёння мы хочам вам прапанаваць для знаёмства новую серыю кніг пра Вялікую Айчынную Вайну «Дзеці вайны». Мы спадзяемся, што яна зацікавіць не толькі дзяцей але і дарослых.

У серыю «Дзеці вайны» выдавецтва «Чатыры чвэрці» увайшлі празаічныя і паэтычныя творы, прысвечаныя балючай тэме вайны і яе наступстваў. Аўтары — пісьменнікі, якія падчас Вялікай Айчыннай былі яшчэ дзецьмі. Жахі ваеннага часу, радасць і гонар Перамогі яны ўспрымалі нават мацней за дарослых, і тыя ўражанні знайшлі адлюстраванне ў літаратурнай творчасці.

Вершаваныя зборнікі Міколы Маляўкі, Ніны Галіноўскай, Казіміра Камейшы, Міколы Чарняўскага, пранізлівыя раманы, аповесці, апавяданні і ўспаміны Зінаіды Дудзюк, Алеся Савіцкага, Фелікса Баторына і іншых не пакінуць абыякавымі чытачоў розных пакаленняў. Для сённешніх дзяцей гэтая літаратура робіць жывымі карціны гісторыі, якую павінны ведаць і памятаць нашчадкі тых, хто падараваў свайму народу Вялікую Перамогу.

У паэтычных кнiгах Мiколы Маляўкi «Беражыце Шыпшыну», Міколы Чарняўскага “На плошчы памяці маей” і Казіміра Камейша “Курганны звон” жыве памяць аб Вялікай Айчыннай вайне. Аўтары расказваюць аб мужнасцi франтавiкоў i партызан, мiрных жыхароў, аб сiле iх духу, аб тым, як трывожнае рэха далёкiх грымотных гадоў адгукаецца ў нашым часе.

 

Анатоль Зэкаў нарадзіўся праз дзесяць год пасля вайны. Таму апавяданні, вершы і эсэ, якія склалі кнігу пісьменніка “Параненая памяць”, у пераважнай большасці не столькi пра вайну, дзе ўсё наўкол грымела і палала ў агні, колькі пра тых, хто набліжаў светлы Дзень Перамогі.

 

 

У новую кнігу ,“Няма даравання вайне”, лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Я. Маўра вядомай паэтэсы Ніны Галіноўскай увайшлі вершы і паэма «Пра дзяўчынку Галінку», прысвечаныя падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Паэма носіць аўтабіяграфічны характар. Тыя пакуты, што напаткалі Галінку падчас вайны, аўтар апісвае жывой беларускай мовай, ярка і запамінальна. Любіць родную Беларусь і берагчы яе гісторыю — заклікае кожная старонка кнігі.

 

 Асноўнае дзеянне аповесці Алены Падкацік «Кропка» адбываецца ў Мінску ў двух часавых вымярэннях — кастрычнік 2009 года і перыяд акупацыі горада падчас Вялікай Айчыннай войны. Галоўная гераіня аповесці Людміла Стаханава прымае ўдзел у Рэспубліканскім перапісу насельніцтва 2009 года. Пры даволі дзіўных акалічнасцях яна знаёміцца ​​з Мірай Львоўнай Андрэевай — адзінокай 92-гадовай бабуляй, былой  вязніцай Мінскага гета. Гэтая неспадзяваная сустрэча двух жанчын паказала, што выпадковасцяў не бывае. Кожнае наша дзеянне можа кагосьці выратаваць, а кагосьці загубіць. Яркае таму пацверджанне — неверагодныя жыццёвыя калізіі Стэлы Андрэевай і Міны Браўн, лёсы якіх цесным чынам спляліся з жыццём Людмілы Стаханавай.

Аповесць «Узаранае поле» — плён роздуму Алеся Савіцкага, пісьменніка-франтавіка. У творы аўтар паказвае, якой цаной заплаціў наш народ за перамогу над ворагам у Вялікай Айчыннай вайне. Выданне адрасавана шырокаму колу чытачоў, але ў першую чаргу — прадстаўнікам маладога пакалення, бо ім жыць і працаваць у Беларусі, свабоду якой у баях адстойваў кавалер ордэна салдацкай Славы Алесь Савіцкі.

 

Таццяна Майстрэнка “Абгарэлая маладосць”. У гэтай кнізе, прысвечанай памяці бацькі, мінчука Анісіма Пецярбурцава, Таццяна Майстрэнка праходзіць шлях яго жыцця — з 1939 па 1945 год. Тут і лёс яго родных, і аповяд пра тых, хто змагаўся з ім разам. Крыніцай для напісання кнігі сталі мемуары бацькі, а таксама дакументы з музеяў Смаленска і Смаленскай вобласці.

 

Аповесць Фелікса Баторына «Чорны год» знаёміць чытача з рэальнымі падзеямі. Падзеі, пра якія апавядае аўтар, сын аднаго з галоўных герояў аповесці, адбываліся ў чэрвені — снежні 1941 года ў Беларусі. З першых дзён Вялікай Айчыннай вайны, трапіўшы ў яе бязлітасны калаўрот, героі аповесці спазналі кашмар нямецкіх бамбардзіровак і абстрэлаў, горыч і нягоды акружэння і палону. У жудасных умовах Мінскага гета яны не страцілі чалавечай годнасці і волі да барацьбы, стварылі падпольную групу супраціву і здолелі вырвацца за калючы дрот, каб у партызанскіх лясах змагацца з варожаю навалай.

Кніга Зінаіды Дудзюк “Выжыць на дарозе смерці” апавядае пра жорсткія выпрабаванні дзяцей і падлеткаў у гады акупацыі. Успаміны дзяцей-відавочцаў тых падзей яскрава паказваюць, як ім даводзілася выжываць пад дуламі аўтаматаў і жэрламі гармат, у канцэнтрацыйных лагерах і на прымусовай працы ў Германіі, галадаць і мерзнуць, але нават перажыўшы гэтыя выпрабаванні, застацца добрымі і зычлівымі людзьмі.

 

Кніга Наталлі Лось “Мяне завуць Ларыса”, пра дзяўчынку-падлетка, мірнае дзяцінства якой перарвалася вайной. Невядомае перш пачуццё страху, голад, холад, катаванні ў гестапа, смерць родных і блізкіх людзей — так праходзіла яе цяжкае сталенне ў акупаваным пасёлку Круглае. Дзяўчынка Ларыса выжыла, стала вядомай мастачкай, шчаслівай мамай і бабуляй, але і ў мірным спакойным жыцці памяць пра выкрадзенае вайной дзяцінства не пакідае яе.

[an error occurred while processing the directive]