Раённая дзіцячая бібліятэка
прапануе ўсім аматарам беларускай літаратуры
пазнаёміцца з новымі творамі
беларускіх дзіцячых пісьменнікаў
Мікола Чарняўскі «Едзе вожык на кані»
Прымаўлянкі-забаўлянкі для дзяцей малодшага школьнага ўзросту. Багатыя на фантазію і выдумку, сагрэтыя цёплым гумарам кароценькія творы, што чакаюць чытачоў на старонках новай кнігі Міколы Чарняўскага, захапляюць сваёй лёгкасцю.
Кацярына Хадасевіч-Лісавая «Таямніца незвычайнай школы»
“Ну што асаблівага можа быць у школьным жыцці?”, – скажаце вы. Настаўнікі, урокі, перапынкі, навучальны год, канікулы…Здавалася б, пра школу мы ведаем усё. А вось і не! Новая кніга Кацярыны Хадасевіч-Лісавой распавядае пра той бок школьнага жыцця, аб існаванні якога ніхто нават не здагадваецца! Што адбываецца, калі ўсе дзеці і настаўнікі разыходзяцца па дамах? Якую таямніцу захоўваюць школьныя кабінеты і калідоры? Калі хочаце пабачыць усё на свае вочы, паглыбляйцеся ў сюжэт, падключайце фантазію – і ўсё таемнае стане відавочным.
Г. Аўласенка «Колькі колераў у лета?»
Гэтая кніга – зборнік дзіцячых твораў вядомага беларускага пісьменніка Генадзя Аўласенкі. У першым раздзеле вас чакаюць вершыкі на самыя розныя тэмы: і вясёлыя загадкі з заменай літар. Другі раздзел кнігі – гэта казкі пра звяроў, птушак, рыб, лясныя расліны, а яшчэ – пазнавальныя замалёўкі па гісторыі і геаграфіі. А яшчэ ў кнізе прытаіліся невялікія гісторыі пра дзяўчынку Дашу і казачная аповесць пра Малпачку – дачку Нябеснага
Пшонік Галіна «Спуск у горад Хлуск»
Ці хацелі б вы патрапіць у горад Хлуск? Гэта вельмі прыгожае месца! Вялізная галоўная плошча застаўленая спрэс высокімі, аж да аблокаў, дзіцячымі горкамі… Менавіта ў такі «цудоўны» горад і патрапілі Змітрок, Юрась і Вераніка. Кожны з іх схлусіў, бо баяўся пакарання за свае невялікія правіны. А вярнуцца дадому аказалася справай складанай і небяспечнай. Ці атрымаецца ў дзяцей ускараскацца па зачараванай слізкай лесвіцы? І ці ўсе жыхары Хлуска такія ўжо нягоднікі? Адказы – у новай казцы Галіны Пшонік