З любоўю да роднай старонкі

Лета – прыгожая пара, а для вучняў – гэта адпачынак ад школьных заняткаў. І вось летні аздараўленчы лагер “Нёман” на IV змене сваёй працы сустрэў дзяцей з Гродна, якія пажадалі адпачыць і цікава правесці час. 5 жніўня філіял “Мастоўская раённая дзіцячая бібліятэка” наведаў лагер і правёў цікавую гульню-падарожжа “З любоўю да роднай старонкі”, прымеркаваную да Года малой радзімы.

Бібліятэкары расказалі юным гродзенцам цікавую інфармацыі пра мясціны, дзе знаходзіцца лагер, менавіта пра вёску Каўшы. Тут устаноўлены мемарыяльны знак у гонар воінаў, якія пры фарсіраванні ракі Нёман у гады Вялікай Айчыннай вайны былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза. Далей наша вандроўка “накіравалася” у горад Масты, дзе адказваючы на пытанні віктарыны, дзеці даведаліся аб выдатных мясцінах раённага цэнтра. Асаблівую цікавасць выклікала інфармацыя аб тым, што ў горадзе знаходзіцца аж 5 мастоў.

Супрацоўнікі бібліятэкі арганізавалі выставу кніг беларускіх пісьменнікаў “Калі па душы прыгажосць зямная”, дзе былі прадстаўлены творы класікаў і сучасных аўтараў.

Выязная чытальная зала “Пад блакітным небам” прэзентавала сучасныя дзіцячыя часопісы і настольныя гульні. Было так цікава і займальна, што ў гэты час дзеці забыліся аб сваіх сучасных тэлефонах і планшэтах.